Сабор Святога Марка

Каталіцкі храм
Сабор Святога Марка
Basilica di San Marco
Від на сабор з плошчы Сан-Марка
Від на сабор з плошчы Сан-Марка
45°26′03,76″ пн. ш. 12°20′23,55″ у. д.HGЯO
Краіна Італія
Горад Венецыя
Канфесія каталіцызм
Епархія Венецыянскі патрыярхат
Тып будынка базіліка
Архітэктурны стыль раманскі стыль і Візантыйская архітэктура
Архітэктар Domenico I Contarini[d]
Дата заснавання 829
Асноўныя
даты
832Пабудова першай базілікі

1094Асвячэнне сучаснай базілікі

Рэліквіі і святыні мошчы апостала Марка і Ісідара Хіяскага
Стан дзеючы храм
Сайт Афіцыйны сайт

Сабор Святога Марка (італ.: Basilica di San Marco — «базіліка Сан-Марка») — кафедральны сабор Венецыі (да 1807 года прыдворная капэла пры палацы дожаў), які ўяўляе сабой рэдкі прыклад візантыйскай архітэктуры ў Заходняй Еўропе. Размяшчаецца на плошчы Святога Марка, побач з Палацам дожаў.

Сабор, упрыгожаны шматлікімі мазаікамі, выкананымі ў візантыйскім стылі, з'яўляецца месцам знаходжання мошчаў апостала Марка і мноства каштоўных прадметаў мастацтва, вывезеных з Канстанцінопаля ў ходзе крыжовых паходаў. У 1987 годзе сабор у ліку іншых венецыянскіх помнікаў увайшоў у лік аб'ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.


Гісторыя сабора Святога Марка

Першая базіліка

Выкраданне мошчаў апостала Марка з Александрыі
(мазаіка прэсбітэрыя, XI стагоддзе)

Базіліка была пабудавана для размяшчэння мошчаў апостала Марка, якія 31 студзеня 829 года былі прывезены з Александрыі ў Венецыю. Мошчы былі прывезены венецыянскімі купцамі Буона і Рустыка, якія ў 828 годзе, прыбыўшы ў Александрыю, даведаліся, што мусульмане пачалі разбурэнне хрысціянскіх храмаў для ўзвядзення мячэцяў. Паколькі паданне злучае пропаведзь хрысціянства ў гарадах Венецыянскай лагуны з апосталам Маркам[1], то купцы вырашылі выратаваць мошчы святога ад апаганення і прывезці іх у свой горад. Каб перанесці рэліквію на карабель, гандляры звярнуліся да хітрасці: цела евангеліста было пакладзена ў вялікі кошык і зверху пакрыта свінымі тушамі, да якіх не маглі дакрануцца сарацыны нават пры мытным аглядзе. Для большай надзейнасці кошык схавалі ў зморшчынах ветразя аднаго з суднаў (падзеям, звязаным з перанясеннем мошчаў, прысвечаны мазаікі прэсбітэрыя і адзін з люнетаў цэнтральнага фасада). Пасля перанясення мошчаў у горад, апостал Марк замяніў святога Феадора ў ролі нябеснага заступніка Венецыі, а сімвалам горада стаў знак гэтага евангеліста — крылаты леў.

Будаўніцтва было пачата дожам Джусцініяна Партэчыпацыа ў 829 годзе, а завершана ў 832 годзе яго братам дожам Джавані Партэчыпацыа. Паколькі будынак першай базілікі не захаваўся, то пра яе аблічча можна судзіць толькі па археалагічных раскопках, выкананым падчас рэстаўрацыі крыпты сабора, калі быў выяўлены старажытны мур сцен. Лічыцца, што царква была пабудавана ў форме лацінскай базілікі тыпу равенскіх (Сан-Вітале) і займала месца цяперашняй крыпты[2]. Купал, устаноўлены над яе цэнтральнай часткай, знаходзіўся над месцам пахавання мошчаў апостала Марка.

Базіліка была пашкоджана пажарам, які ўзнік у 976 годзе падчас палацавага перавароту, калі дож П'етра Кандыяна быў зрынуты дожам П'етра Арсеола. Пажар, які пачаўся ў Палацы дожаў, перакінуўся на паўночна-заходнюю частку сабора і нанёс яму сур'ёзныя пашкоджанні. Да канца X стагоддзі базіліка была адноўлена, але даследчыкі лічаць, што гэта была рэстаўрацыя будынка, а не новае будаўніцтва[2][3].

Сучасная базіліка

Рэканструкцыя першапачатковага фасада другой базілікі (акварэль, XIX стагоддзе)

Будаўніцтва сучаснай базілікі было пачата ў 1063 годзе пры дожы Даменіка Кантарыні. У 1071 годзе ў яшчэ недабудаваным саборы быў узведзенны на пасаду дожа Даменіка Сельва, пры якім у 1071—1084 гадах быў распачаты першы цыкл стварэння мазаічнага ўбрання базілікі. Асвячэнне храма адбылося ў 1094 годзе пры дожы Вітале Фальеры, які быў пахаваны ў галерэі на месцы сучаснага нартэкса сабора[4].

Крыжовакупальная пяцігаловая царква была збудавана па ўзоры канстанцінопальскага храма Апосталаў.[5] На працягу наступных стагоддзяў царква бесперапынна пашыралася і ўпрыгожвалася: у 1159 годзе пачаліся працы па абліцоўванні сабора мармурам, у XII стагоддзі былі выкананы мазаікі цэнтральных купалаў і скляпенняў, у 1343—1354 гады былі прыбудаваны баптыстэрый і капэла святога Ісідора, у XV стагоддзі — капэла Масколі і сакрысція (1486—1493 гады), у 1504—1521 гадах капэла Дзен. Вонкавае ўбранне сабора было завершана да канца XV стагоддзя, пра што сведчыць яго выява на карціне Джэнціле Беліні «Працэсія рэліквіі Святога Крыжа на плошчы Сан Марка» (1493 год). Тытул галоўнага будаўніка сабора ў розны час насілі такія архітэктары, як Якопа Сансавіна і Бальдасар Лангена[6].

Працэсія рэліквіі Святога Крыжа на плошчы Сан Марка, Джэнціле Беліні, 1496 год

Мноства старажытных рэліквій патрапілі ў сабор пасля рабавання крыжакамі Канстанцінопаля ў 1204 годзе. Да іх адносяцца квадрыга на заходнім фасадзе, «залаты алтар» візантыйскай працы, выява «Мадонна Нікапея».

Базіліка іграла значную ролю ў гісторыі Венецыянскай рэспублікі. Па склаўшайся традыцыі глава рэспублікі павінен быў паўстаць перад гараджанамі і публічна абвясціцца дожам з прэгалы, правай кафедры, адмыслова ўладкаванай для гэтай мэты ў саборы. Нягледзячы на тое, што базіліка да 1807 года была толькі палацавай капэлай, у ёй праходзілі буйныя афіцыйныя цырымоніі (блаславенне войска перад вайной, у тым ліку перад чацвёртым крыжовым паходам, дэманстрацыя захопленых у ворагаў сцягоў). У базіліцы адбылася пакутная сустрэча Фрыдрыха Барбаросы з Папам Аляксандрам III. Сабор цалкам знаходзіўся ў юрысдыкцыі дожаў і меў уласны клір, незалежны ад мясцовага біскупа.[7] У 1807 годзе па загаду Напалеона ў сабор Сан Марка з цэрквы Сан-П'етра дзі Кастэла была перанесена кафедра патрыярха Венецыі (тытул належыць біскупу Венецыі з 1451 года), і храм стаў кафедральным саборам Венецыі.

У наш час сабор з'яўляецца дзеючым храмам. Будзённыя набажэнствы праводзяцца ў капэле святога Ісідора. Акрамя мошчаў апостала Марка сярод рэліквій базілікі вылучаюцца галовы апосталаў Якава Малодшага і Ціта[8], мошчы пакутніка Ісідора[9] і абраз Багародзіцы «Нікапея», што робіць яе цэнтрам хрысціянскага паломніцтва.

Архітэктура

Характарыстыка архітэктурнага стылю

Працяглае будаўніцтва базілікі аказала ўплыў на яе архітэктурны стыль. Пабудаваны як класічная грэчаская базіліка з суровым раманскім фасадам, сабор за гады перабудоў набыў свой сучасны вобраз, у якім змяшаліся розныя стылі. Гэта тлумачыцца таксама тым, што ў яго ўбранні скарыстаны прывезеныя ў розны час у Венецыю ўсходні мармур, калоны розных ордараў, грэчаскія і раманскія барэльефы, візантыйскія і італьянскія скульптуры, гатычныя капітэлі. Усё гэта было злучана майстрамі ў гарманічнай архітэктоніцы сабора.

План сабора

Шэрагу даследчыкаў цяжка дакладна вылучыць архітэктурны стыль сабора і пішуць пра яго асаблівасці:

Я не ведаю, ці існуе яшчэ ў свеце сабор, на які можна было б паставіць чатырох бронзавых канёў без рызыкі не толькі сапсаваць мастацкае ўражанне, але і прафанаваць будынак. Не такі сабор Св. Марка. Фантастычнае змешванне ўсіх настрояў і густаў, усіх стыляў і эпох… Гэты будынак свайго роду unicum, непаўторная індывідуальнасць у свеце цэркваў. Яго стыль лічыцца візантыйскім, але, мне здаецца, гэта дакладна толькі да вядомай ступені: з масы ўплываў, якія стварылі сабор, візантыйскі быў пераважным. Яму належыць агульны абрыс будынка, купалы, мазаікі. Але гатычныя вежкі галоўнага фасада, гатычныя стрэлы, сплеценыя са статуй, антычны лес рознакаляровых калон, усходняя стракатасць і пазалота, нарэшце, шырокая тэраса вакол купалаў — які стыль утворыць усё гэта разам узятае, калі не стыль венецыянскага св. Марка, у якога няма ні продкаў, ні перайманняў.[10]

— П.Н. Перцов. «Венеция», 1905 год.

Агульныя асаблівасці

Сабор пабудаваны ў форме грэчаскага крыжа і з'яўляецца тыповай візантыйскай крыжовакупальнай базілікай, пабудаванай па вобразу канстанцінопальскай царквы Святых Апосталаў[11], але не з'яўляецца яе дакладным паўторам. У канцы XII стагоддзі да базілікі быў прыбудаваны прасторны нартэкс, а ў наступныя стагоддзі шэраг іншых памяшканняў (некалькі капэл, баптыстэрый, сакрысція). За выключэннем алтарнай часткі, якая заканчваецца апсідай, рукавы крыжа падзелены аркадамі на тры нефы, хоры (другі паверх бакавых нефаў) адсутнічаюць.[12] Памеры базілікі складаюць 76,5 (даўжыня разам з алтарнай часткай) на 62,5 метраў. Вышыня базілікі (па цэнтральным купале) складае 43 метра.

Алтарная перагародка

Алтарная частка (прэсбітэрый) па ўсходнім узоры аддзелена ад цэнтральнага нефа гатычным іканастасам, створаным у 1394 годзе майстрамі П'етра Паола і Якабела Дэле Масенье. Алтарная перашкода створана з каляровага мармуру і ўвянчана вялікім крыжом, па баках ад якога ўстаноўлены чатырнаццаць статуй (дванаццаць апосталаў, Дзева Марыя і апостал Марк). У алтарнай частцы ўстаноўлены ківорый (V стагоддзе), пад якім знаходзіцца галоўны алтар храма з мошчамі святога Марка, перанесенымі ў сабор з крыпты ў 1835 годзе. Ён высечаны з суцэльнага кавалка зялёнага ўсходняга мармуру і падтрымліваецца чатырма калонамі з вапнавага алебастру (XIII стагоддзе). На кожнай калоне ў дзевяць радоў размешчаны рэльефы з гісторыяй Дзевы Марыі і Ісуса, у якіх знайшлі сваё адлюстраванне, апроч кананічных, апакрыфічныя гісторыі.

Грыфон (дэталь наборнай падлогі)

Наборная мармуровая падлога базілікі створана ў XII стагоддзі і гарманіруе з вонкавым і ўнутраным мармуровым убраннем сабора. Ён выкананы з пліт паліхромнага мармуру з устаўкамі мазаічных выяў (створаны ў перыяд да XV стагоддзя), выкананых з маленькіх кавалачкаў мармуру рознай формы і памеру. Сярод мазаік падлогі прысутнічаюць як геаметрычны арнамент (кругі, квадраты, васьмівугольнікі), так і выявы жывёл, раслінны арнамент. Частка арнаментаў былі створаны ў 1425 годзе фларэнтыйскім мастаком Паола Учэло.

Сабор мае асобна стаячую званіцу вышынёй каля 100 метраў. Яна была пабудавана ў 1514 годзе і акрамя царкоўных функцый служыла таксама маякам для караблёў, якія ўваходзілі ў лагуну. Званіца цалкам разбурылася ў 1902 годзе, але была адноўлена ў першапачатковым выглядзе ў 1912 годзе.

Фасады

Першапачаткова вонкавае аблічча сабора адпавядала суровым канонам раманскага стыля.[13] Больш раскошная мармуровая абліцоўка фасада сабора была выканана ў XIII стагоддзі. Ідэя больш пышнага ўбрання фасада ўзнікла пасля чацвёртага крыжовага паходу, калі ў Венецыю былі вывезены калоны і капітэлі з канстанцінопальскіх палацаў і храмаў.

  • Галоўны фасад (заходні)

Абліцаваны мармуровымі плітамі, упрыгожаны калонамі, увянчанымі капітэлямі карынфскага ордара. Мае пяць уваходаў, аформленых у выглядзе парталаў з калонамі ў два ярусы. Архівольты цэнтральнага партала ўпрыгожаны кампазіцыямі з алегарычнымі выявамі мастацтваў і рамёстваў.[12] Аркі парталаў і размешчаных над імі люнетаў упрыгожаны мазаікай. Люнеты ўпрыгожаны гатычным вянком, выкананым у XIV—XV стагоддзях тасканскімі майстрамі. Паміж аркамі вянка, упрыгожанымі раслінным арнаментам, устаноўлены вежкі з фігурамі святых. У крайніх вежах фасада намалявана сцэна Дабравешчання (арханёл Гаўрыіл у крайняй левай вежцы, Дзева Марыя — у крайняй правай). Паміж імі ў чатырох вежках устаноўлены фігуры евангелістаў з іх сімваламі.

Цэнтральны ўваход

San marco by vgm8383.jpg

Мазаікі люнетаў
(выкананы ў 1617—1618 гадах Луіджы Гаэтана па эскізах Мафеа Вероны)
SanMarko luneta 1.jpg
SanMarko luneta 2.jpg
Venezia S Marco main portal.jpg
SanMarko luneta 4.jpg
SanMarko luneta 3.jpg
«Зняцце з крыжа»
«Спасланне Ісуса Хрыста ў пекла»
Вітраж і лоджыя з квадрыгай
«Уваскрэсенне Хрыстова»
«Узнясенне Хрыстова»
Мазаікі арак партала
SanMarko portal 3.jpg
SanMarko portal 2.jpg
SanMarko portal 1.jpg
Mosaics of San Marco in Venice 3.jpg
Mosaics of San Marco in Venice 4.jpg
«Працэсія пераносу мошчаў святога Марка ў сабор»
«Дож і венецыянская сеньёрыя сустракаюць цела святога Марка»
«З'яўленне Хрыста Суддзі»
«Прыбыццё мошчаў апостала Марка ў Венецыю»
«Перанясенне цела святога Марка на карабель»
Найстарэйшая з мазаік фасада (XIII стагоддзе), адлюстроўвае падзею здабыцця мошчаў апостала пасля заканчэння будаўніцтва сучаснай базілікі. Падчас працяглага будаўніцтва царквы мошчы былі схаваны дожам і настаяцелем сабора ў пазбяганне іх выкрадання. Тайнік быў згублены, а затым цудам быў адкрыты ў пілястры базілікі. Мазаіка Леапольда даль Поца па кардоне мастака Себасцьяна Рычы, 1728—1729 гады. Самая позняя з мазаік сабора, выканана ў 1836—1838 гады Ліборыа Саландры па кардоне мастака Латанцыа Кверэны Невядомы мазаічыст па кардоне мастака П'етра Векіа, 1660 год. Невядомы мазаічыст па кардоне мастака П'етра Векіа, 1660 год. Намаляваны агляд сарацынамі судна венецыянскіх купцоў у Александрыі, для прадухілення выяўлення мошчаў венецыянцы паклалі іх у кошыкі і закрылі свінымі тушамі.

Нягледзячы на тое, што большасць існуючых мазаік фасада былі створаны ў XVII—XVIII стагоддзях, агульная архітэктурная задума мазаічнага ўбрання фасада была выканана ў XV стагоддзі, што пацвярджае карціна Джэнціле Беліні «Працэсія рэліквіі Святога Крыжа на плошчы Сан Марка» (1493 год). Усе «новыя» мазаікі паўтараюць старадаўнюю іканаграфію ў адпаведнасці з распараджэннямі Вярхоўных Пракуратараў Сан Марка, якія ў выпадку пераробкі згубленай ці разбуранай мазаікі даручалі ўзнавіць яе сюжэт у адпаведнасці са старажытным узорам і зрабіць тлумачальны надпіс.[14]

Бронзавыя дзверы сабора (за выключэннем цэнтральнай) былі створаны ў XII—XIV стагоддзях. Іх аўтар, венецыянскі ювелір Бертуча, у 1300 годзе пакінуў на адной з іх надпіс, што пры працы над імі ён кіраваўся ўзорам дзвярэй цэнтральнага партала. Дзверы цэнтральнага партала датуюцца VI стагоддзем і былі, як шматлікія іншыя элементы фасада, прывезены ў Венецыю з Канстанцінопаля. Створкі выкананы з папярочных бронзавых пласцін, якія ўпрыгожаны 34 радамі арачак, размешчаных у форме паўлінавага хваста.

Паміж аркамі ўваходных парталаў, пад размешчанай вышэй лоджыяй, устаноўлены візантыйскія пліты з парнымі барэльефамі, сіметрычна размешчаныя ў адносінах да галоўнага партала. Цыкл пачынаецца з выяў двух святых воінаў — Дзімітрыя Салунскага і Георгія Пераможца. Затым ідуць выявы Багародзіцы і арханёла Гаўрыіла ў сцэне Дабравешчання. Замыкае цыкл дзве выявы подзвігаў Геракла: утаймаванне Эрыманфскага вепра (пліта візантыйскага паходжання эпохі Феадосія) і забойства Лярнейскай гідры (пліта венецыянскай працы, XIII стагоддзе).

Парфіравыя тэтрархі
  • Паўднёвы фасад

Выходзіць на п'яцэту і Палац дожаў. Фасад абліцаваны мармурам, упрыгожаны мазаікай і статуямі святых. Найбольш вядомы абраз святога Хрыстафора, які таксама паўтараецца ў выглядзе скульптуры на паўночным фасадзе і мазаікі ў нартэксе. Размяшчэнне абраза Хрыстафора на паўднёвым фасадзе, звернутым да мора і бачным з вады, тлумачыцца старажытным павер'ем, што таго, хто паглядзіць на абраз гэтага святога, у гэты дзень не кране ніякае зло. Пад абразам Хрыстафора знаходзіцца адзіны ўваход у сабор з боку мора. Ён упрыгожаны паўкруглым тымпанам з рэльефамі прарокаў (XIII стагоддзе).

Паўднёвы фасад упрыгожваюць шматлікія дэкаратыўныя элементы, вывезеныя з Канстанцінопаля. Найбольшую цікавасць уяўляе скульптура чатырох тэтрархаў, выкананая з парфіру. Тэтрархі ўстаноўлены на вуглу скарбніцы, побач з ім знаходзяцца акрытанскія пілястры.

  • Паўночны фасад

Упрыгожаны мармуровай інкрустацыяй рознага паходжання. Фасад мае адзіны ўваход, як вядзе ў нартэкс сабора. Ён выкананы ў форме партала і ўпрыгожаны скульптурнай выявай Ражства Хрыстова, створанымі венецыянскімі майстрамі ў XIII стагоддзі ў адпаведнасці з візантыйскімі канонамі. З-за выкарыстання ў дэкоры партала расліннага арнаменту ўваход атрымаў назву Порта дэі Ф'ёры («брама кветак»).

Квадрыга святога Марка

Квадрыга святога Марка

Квадрыга святога Марка — квадрыга з пазалочанай бронзы, устаноўленая на лоджыі сабора. З'яўляецца адзіным захаваным узорам шматфігурнай конскай антычнай скульптуры. Стварэнне квадрыгі прыпісваюць скульптару Лісіпу і датуюць IV стагоддзем да н.э.

Квадрыга ўпрыгожвала канстанцінопальскі іпадром і была вывезена ў Венецыю ў 1204 годзе падчас Чацвёртага крыжовага паходу дожам Энрыка Дандола пасля рабавання крыжакамі Канстанцінопаля. Квадрыга была устаноўлена на лоджыі базілікі Сан-Марка ў перыяд кіравання дожа Рэньера Зена (1252—1268 гады). Падчас рэстаўрацыі сабора, якая праводзілася ў 1970-я гады, было прынята рашэнне замяніць квадрыгу на лоджыі сабора копіяй. У 1982 годзе арыгінал квадрыгі быў змешчаны ў музеі базілікі, размешчаны ў верхніх памяшканнях нартэкса сабора.

Купалы

Купалы сабора

Сабор, пабудаваны ў форме грэчаскага крыжа, мае пяць купалаў: чатыры над галінамі крыжа і цэнтральны над сяродкрыжжам. Купалы былі створаны ў XIII стагоддзі падчас кіравання дожа Себасціяна Дзіяні. На іх архітэктуру аказалі ўплыў усходнія цэрквы і мячэці, знаёмыя венецыянскім купцам і ўдзельнікам крыжовых паходаў.

Купалы выкладзены з цэглы і ўстаноўлены на невысокіх барабанах з вокнамі па перыметры, знадворку іх пакрывае драўляны каркас, абліцаваны свінцовымі пласцінамі. Кожны з купалаў сабора ўвянчаны верхавінай, на якой замацаваны крыж, звернуты ў кірунку чатырох бакоў свету, увянчаны пазалочаным шарам. Дыяметр цэнтральнага купала складае 13 метраў і ўзвышаецца над полам базілікі на 28,15 метраў.

Крыпта

Памяшканне крыпты размешчана пад прэсбітэрыям і бакавымі капэламі апостала Пятра і святога Клімента. У крыпце захавалася частка архітэктурных элементаў, якія адносяцца да першай базілікі. Яны былі выяўлены падчас рэстаўрацыйных прац другой паловы XX стагоддзя. У цэнтры крыпты размешчана капліца, упрыгожаная ажурнай мармуровай плітай візантыйскай працы. Пад ёй да 1835 года знаходзіліся мошчы апостала Марка пакуль не былі перанесены ў галоўны алтар сабора.

Унутранае ўбранне

Унутраны від сабора Святога Марка
(малюнак Г. Чарнецова і Н. Грыгор'евічы, 1846 год)

Скляпенні, купалы і верхні ўзровень сцен сабора пакрыты мазаічнымі палотнамі агульнай плошчай каля 4000 кв. м.[15] Стварэнне мазаічнага ўбрання сабора было пачата ў 1071 годзе (мазаікі апсіды) і працягвалася на працягу больш двухсот гадоў (мазаікі нартэкса былі скончаны ў 1280 годзе). Мазаічны цыкл сабора Святога Марка з'яўляецца адным з найбольш значных узораў гэтага віду мастацтва.[16]

Раннія мазаікі ствараліся безназоўнымі майстрамі, якія рухаліся выключна толькі па традыцыі іканапіснага канону. У XI стагоддзі для стварэння мазаік прыцягваліся візантыйскія майстры, пазней працу сталі выконваць венецыянскія мазаічысты[17]. У наступныя стагоддзі пры абнаўленні і рэканструкцыі мазаік кардоны, па якіх выкладваліся кампазіцыі, стваралі Якопа Беліні, Паола Учэла, Мантэнья, Тыцыян і Тынтарэта. У якасці матэрыялу для мазаік выкарыстоўвалася шкло, якае вырабляецца на востраве Мурана. Шкляная маса розных колераў выкладвалася на фоне залатой фальгі, ствараючы тым самым ззянне, нягледзячы на беднае асвятленне сабора.

Мазаікі адлюстроўваюць сюжэты гісторый Старога і Новага Запаветаў, сцэны з жыцця Багародзіцы, апостала Марка, Яна Хрысціцеля і святога Ісідара. Англійскі тэарэтык мастацтва Джон Роскін пісаў: «Ніводны горад не меў гэтак услаўленай Бібліі. Храм-кніга, які ззяе здалёку падобна Віфліемскай зорцы».[18]

Мазаікі нартэкса

Нартэкс быў прыбудаваны да сабора ў канцы XII—XIII стагоддзях і ўпрыгожаны мазаікай працы венецыянскіх майстроў-мазаічыстаў.[19] Мазаічны цыкл прысвечаны старазапаветным сюжэтам і мае мэту паказаць праз іх значэнне прышэсця Ісуса Хрыста ў справе выратавання чалавецтва. Узорам для шэрагу старазапаветных кампазіцый паслужылі мініяцюры ранневізантыйскага рукапісу Кнігі Быцця, які знаходзілася ў Венецыі, і пасля вядомы як Катонаўскі Генезіс (VI ст.). Мазаікай пакрыты малыя купалы, скляпенні і люнеты нартэкса, сюжэт распадаецца на наступныя групы:

Купал стварэння свету і мазаікі арак

Купал раздзельны на тры кругавыя палосы, размешчаныя вакол цэнтральнай кампазіцыі з залатых лускавінак. Утрымлівае 26 сцэн, прысвечаных першым главам кнігі Быцця, і суправаджаецца тэкстам на латыні: «На пачатку стварыў Бог неба і зямлю. Дух Божы лунаў над вадою.» (Быц.1:1-2).

Кожнаму з шасці дзён стварэння прысвечана асобная сцэна, на якой, паводле ўсходняй іканаграфіі, фігура Стваральніка намалявана ў вобразе юнака-Хрыста з німбам-крыжом і высокім крыжом у руцэ. На ўсіх сцэнах Стваральніка суправаджае фігура анёла, які сімвалізуе кожны дзень тварэння. Цікавая сцэна блаславення сёмага дня, на якой Бог, які сядзіць на прастоле ў асяроддзі нябеснай світы, багаслаўляе анёла, які сімвалізуе суботу. Наступныя сцэны купала прысвечаны гісторыі стварэння Адама і Евы, іх грэхападзенню і выгнанню з рая. На сцэне выгнання з рая, на заднім плане сярод райскіх шатой намаляваны крыж, як сімвал хуткага выратавання.

  • Люнеты дзвярэй

На люнетах і арках дзвярэй, якія вядуць ў сабор, мазаічны цыкл апавядае пра нараджэнне дзяцей прабацькоў, пра забойства Каінам Авеля і гібель чалавецтва падчас вялікага патопу і выратаванне праведнага Ноя. Далей стаіць сцэна будаўніцтва Вавілонскай вежы, якая адлюстроўвае яе на фоне сярэднявечнага горада, акружанага зубчастай сцяной, у якім муляры выконваюць указанні, змешчанага ў цэнтр кампазіцыі начальніка. Побач змешчана выявы біблейскага змешвання моў дзе Бог, стоячы перад няскончанай вежай, падзяляе па баках свету людзей. Далей ідуць сцэны з жыцця Аўраама, дзе прысутнічае сюжэт яго гутаркі з Богам, намаляваным у выглядзе рукі, якая з'яўляецца з палоскі неба.

Купалы Іосіфа

Гісторыі Іосіфа Прыгожага прысвечаны тры малых купалы паўночнай часткі нартэкса. У іх падрабязна намалявана гэта біблейская гісторыя (29 сцэн), якая суправаджаецца адпаведнымі цытатамі са Старога Запавету (напісаны на латыні ў форме скарачэнняў). На шэрагу сцэн егіпецкія пабудовы (дамы, збожжасховішчы) намаляваны ў форме пірамід. У ветразях купалаў прысутнічаюць выявы старазапаветных прарокаў, якія трымаюць у руках світкі з іх вяшчунствамі аб прышэсці Ісуса Хрыста.

Утрымлівае восем базавых сцэн з жыцця прарока Майсея, пачынаючы ад яго выратавання ў водах Нілу і сканчаючы зыходам яўрэяў з Егіпта. Сцэны не падзяляюцца адна ад адной залатым фонам, як на астатніх мазаіках, а ідуць адна ад адной у апраўленні стылізаваных пейзажаў і архітэктуры.

  • Уваходны партал

Вакол партала ў чатырох нішах змешчаны мазаічныя выявы чатырох евангелістаў. Іх стварэнне адносіцца да канца XI стагоддзя, гэта значыць да перыяду да пабудовы нартэкса, калі партал служыў уваходам у сабор з боку плошчы. Мазаікі ўтрымліваюць грэчаскія рыфмаваныя надпісы, звернутыя да кожнага евангеліста (напрыклад, «Душы падступнай адбі ўдар, святы Матфей», «Дзе ў вечнасці застаўся ты — нас, чысты Ян, туды вядзі»). У вялікай паўкруглай нішы, размешчанай над парталам, змешчана велічная мазаічная выява апостала Марка, створаная ў 1545 годзе братамі Дзуката, па кардоне, які прыпісваецца Тыцыяну.[17] Побач змешчана малітва, звернутая да святога: «О Марк, адпусці грахі тых, хто, склаўшы рукі, заклікаюць да цябе, тваім заступніцтвам і літасцю Божай, ды будуць яны выратаваны».

Мазаікі інтэр'еру

Інтэр'ер сабора
(купал спаслання Святога Духа)

Мазаікі сабора ўяўляюць сабою лагічны працяг сюжэтаў нартэкса, які адлюстроўвае сцэны чакання Месіі. Унутры сабора мазаікі адлюстроўваюць сюжэты з зямнога жыцця Ісуса Хрыста, Багародзіцы і апостала Марка. У люнеце над цэнтральным уваходам змешчаны Дэісус, выкананы ў візантыйскай традыцыі, але фігура Яна Хрысціцеля заменена святым Маркам, заступнікам горада. У руках Хрыста Евангелле адкрытае на словах: «Я — дзверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца.» (Ін.10:9). На сценах цэнтральнага нефа, якія прылягаюць да цэнтральнага ўваходу, намаляваны сцэны з Адкрыцці Яна Багаслова.

  • Мазаікі цэнтральнага нефа
Хрыстос Эмануіл
(мазаіка купала прэсбітэрыя)

Цыкл мазаік цэнтральнага нефа пачынаецца з прэсбітэрыя дзе ў купале змешчана выява Багародзіцы ў акружэнні прарокаў, якія паказваюць ёй світкі з тэкстамі сваіх вяшчунстваў аб прышэсці Месіі. Побач з Марыяй стаіць прарок Ісая, які паказвае на намаляванага ў цэнтры купала безбародага юнака, і вымаўляе свае знакамітыя прароцкія словы: «Дык вось Сам Гасподзь дасьць вам азнаку: вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына, і дадуць імя Яму: Эмануіл.» (Іс.7:14). Побач змешчана фігура цара Давіда ў пышных візантыйскіх адзеннях, які прадракае царскае паходжанне Выратавальніка: «ад плоду ўлоньня твайго пасаджу на троне тваім» (Пс.132:11).

Тэма вяшчунстваў аб прышэсці Хрыста працягваецца на сценах цэнтральнага нефа, якія ўпрыгожваюць дзесяць мазаічных карцін, створаных ў XIII стагоддзі. На левай сцяне ў поўны рост намаляваны Хрыстос Эмануіл у асяроддзі прарокаў Асія, Ёіля, Міхея і Ераміі, а на правай Багародзіца з прарокамі Ісаяя, Давідам, Саламонам і Езэкіілем.

Скляпенне над іканастасам упрыгожана мазаікай, якая адлюстроўвае пачатак выканання вяшчунстваў. На ім намаляваны чатыры кампазіцыі: Дабравешчанне, Пакланенне вешчуноў, Грамніцы і Хрышчэнне Гасподне. Гэтыя мазаікі былі створаны ў XIV стагоддзі па эскізах Тынтарэта на месцы разбуранага больш ранняга мазаічнага цыклу.

  • Мазаікі трансэпта

На сценах і скляпеннях трансэпта намаляваны шматлікія сцэны новазапаветнай гісторыі. Акрамя асобных кампазіцый (спакуса Хрыста, Уваход у Іерусалім і іншыя) маюцца і мазаічныя цыклы. Да іх адносяцца: «цуды Хрыстовы» (намаляваны дабрадзействы Ісуса для хворых, пакутных і грэшных) і «Пакуты Хрыстовы». У пакутным цыкле асабліва вылучаецца мазаіка «Маленне аб чашы», створаная ў XIII стагоддзі, якая адлюстроўвае ў асобных таўрах усе тры маленні Ісуса ў Гефсіманскім саду перад арыштам.

На арках цэнтральнага купала размешчаны буйныя мазаічныя палотны, якія адлюстроўваюць апошнія падзеі зямнога жыцця Ісуса Хрыста: распяцце, спасланне ў пекла і Уваскрэсенне. Галоўны купал сабора, размешчаны на скрыжаванні трнсэпта і цэнтральнага нефа ўпрыгожаны мазаікай Узнясенне Хрыстова. У цэнтры купала на фоне зорнага круга намалявана фігура Хрыста, які сядзіць на вясёлцы, якую ўзносяць угару чатыры анёла. Ніжэй па перыметры размешчаны фігуры дванаццаці апосталаў і Дзева Марыя ў акружэнні двух анёлаў. Паміж вокнамі барабана цэнтральнага купала змешчаны шаснаццаць жаночых фігур, якія ўвасабляюць дабрадзейнасці і блажэнствы. З іх вылучаецца фігура ў царскіх адзеннях, якая адлюстроўвае міласэрнасць, яе апраўляе надпіс: «маці ўсіх дабрадзейнасцяў».

Новазапаветны цыкл мазаік завяршаецца купалам спаслання Святога Духа. У яго цэнтры на прастоле прызначаным намаляваны Святы Дух у вобразе голуба ад якога вогненныя языкі зыходзяць на намаляваных па крузе апосталаў. Паміж вокнамі барабана купала змешчаны выявы розных народаў, якія слухаюць пропаведзь апосталаў.

Баптыстэрый

Хрышчэнне народаў апосталамі
(дэталь мазаікі цэнтральнага купала)

Баптыстэрый, які знаходзіцца ў паўднёвай частцы сабора, быў пабудаваны ў першай палове XIV стагоддзі па распараджэнні дожа Андрэа Дандола. Падчас рэстаўрацыі ў сярэдзіне XX стагоддзя было адкрыта, што першапачаткова памяшканне баптыстэрыя было часткай нартэкса.[20] Сцены баптыстэрыя абліцаваны мармурам, а скляпенні і люнеты ўпрыгожаны мазаікай у стылі венецыянска-візантыйскай готыкі. У гатычных грабніцах, размешчаных у баптыстэрыі, знаходзяцца пахаванні дожаў Джавані Саранца і Андрэа Дандола.

Мазаічны цыкл баптыстэрыя прысвечаны сюжэтам з жыцця Яна Хрысціцеля: ад дабравешчання Захарыі да яго мучаніцкай смерці па загадзе Ірада. У створцы баптыстэрыя сцэны з жыцця Яна злучаюцца з эпізодамі жыцця Ісуса Хрыста, цэнтральнай выявай з'яўляецца сцэна Хрышчэння Гасподня.

«Распяцце Хрыстова»
(мазаіка люнета над алтаром)

У цэнтры баптыстэрыя ўстаноўлена каменная купель, закрытая бронзавым вечкам з рэльефамі, створаным у сярэдзіне XIV стагоддзя па праекце Якопа Сансавіна яго вучнямі. У купале, размешчаным над ёй, маецца мазаічная выява дванаццаці апосталаў падчас хрышчэння імі розных народаў. У цэнтры кампазіцыі знаходзіцца фігура Ісуса Хрыста, якае прамаўляе слова: «ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню. Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе…»  (Мк.16:15-16). У купале над алтаром баптыстэрыя знаходзіцца выява райскіх шатой, у якіх дзевяць анёлаў атачаюць падтрымліванага серафімамі Хрыста. У люнеце над алтаром змешчана мазаіка Распяцце Хрыстова, дзе дож Андрэа Дандола намаляваны каля падножжа крыжа як данатар.

Капэла святога Ісідора

Перанясенне мошчаў святога Ісідора ў Венецыю
(мазаіка капэлы святога Ісідора)

Капэла размешчана ў паўночным трансэпце сабора. Яе будаўніцтва было ажыццёўлена ў сярэдзіне XIV стагоддзі разам з баптыстэрыем, па ўказанні дому Андрэа Дандола. Капэла прысвечана ранехрысціянскаму мучаніку Ісідору Хіёскаму, мошчы якога ў 1125 годзе пры дожы Дамініка Мікеле, які пачытаў святога не менш чым апостала Марка, былі прывезены венецыянцамі з вострава Хіяс.[21] Мошчы святога змешчаны ў нішы над алтаром капэлы, а мазаікі скляпення адлюстроўваюць сцэны з яго жыцця, уключаючы перанясенне мошчаў у Венецыю. У наш час у капэле святога Ісідора праводзяцца будзённыя літургіі.

Сакрысція

Сакрысція (рызніца) была прыбудавана да алтарнай часткі базілікі ў 1486—1493 гадах па праекце архітэктара Джорджа Спавента. Уваход у яе ажыццяўляецца праз капэлу апостала Пятра. Памяшканне мае прамавугольную форму, высокія скляпенні, асвятляецца трыма вялікімі вокнамі, якія выходзяць на канал Палаца дожаў.

Сцены сакрысціі абліцаваны разьбянымі панэлямі з драўніны арэха, выкананымі каля 1550 года па малюнках Якопа Сансавіна. Верхняя частка сцен і скляпенні ў перыяд паміж 1524 і 1530 гадамі былі ўпрыгожаны мазаікай, эскізы якой прыпісваюцца Тыцыяну.[22] Мазаіка скляпення адлюстроўвае вялікі крыж з расліннага арнаменту ў медальёнах якога змешчаны выявы Ісуса Хрыста і чатырох евангелістаў, люнеты ўпрыгожаны выявамі старазапаветных прарокаў, якія прадказалі прышэсце Хрыста.

«Залаты алтар»

Фрагмент Пала д'Ора

Пала д'Ора (італ.: Pala d'Oro — «залаты алтар») — алтарная абраз, устаноўлены каля галоўнага алтара базілікі. Памеры алтара складаюць 3,34 на 2,51 метра. Мініяцюры алтара (каля 250) выкананы ў тэхніцы перагародчатай эмалі візантыйскімі майстрамі ў X—XII стагоддзях. Падчас кіравання дожа Ардэлафа Фальера ў 1204 годзе падчас Чацвёртага крыжовага паходу з манастыра Пантакратара ў Канстанцінопалі ў Венецыю былі прывезены эмалевыя пласцінкі, якія складаюць цяпер верхнюю частку алтара. Ніжняя частка алтара была замоўлена ў перыяд кіравання дожа П'етра Дзіяні (12051229 гады) у візантыйскіх майстроў.

Сучасны выгляд Пала д'Ора набыў у 1343 годзе, калі дож Андрэа Дандола замовіў ювеліру Джамбатысце Банесенья гатычную раму з пазалочанага срэбра, упрыгожаную дзвюма тысячамі каштоўных і напаўкаштоўных камянёў. У гэту раму былі ўстаноўлены эмалевыя мініяцюры, а сам алтар змешчаны ў мармуровую дараносіцу.

Да сярэдзіны XX стагоддзя Пала д'Ора, які лічыўся святочным алтаром базілікі, не знаходзіўся ў свабодным доступе. Яго адкрывалі ва ўрачыстыя моманты набажэнства, у іншы час ён зачыняўся будзённым алтарным абразам. У наш час Пала д'Ора размешчаны ў алтарнай частцы базілікі (гэта значыць разгорнуты ў зваротны бок), звернуты ў кірунку да апсіды.

Скарбніца і музей Сан Марка

Скарбніца сабора размешчана ў памяшканнях, якія злучаюць храм з палацам дожаў. Уваход знаходзіцца ў паўднёвым трансэпце, дзверы ўпрыгожана мазаікай XIII стагоддзя, створанай у памяць пра пажар 1231 года і адлюстроўвае двух анёлаў сярод языкоў полымя, якія трымаюць ацалелы рэлікварый з часціцай Жыватворчага Крыжа. Збор скарбніцы складаецца са шматлікіх куфраў для захоўвання рэліквій, паціраў і іншага царкоўнага начыння, прывезеных з Усходу ці падораных Рымскімі Папамі. Самымі каштоўнымі аб'ектамі ў скарбніцы з'яўляюцца прадметы, прывезеныя венецыянцамі ў якасці здабычы пасля рабавання Канстанцінопаля ў 1204 годзе.

У наш час у скарбніцы захоўваецца 283 прадмета.[23] Гэта малая частка ад ранейшай калекцыі, якая сур'ёзна пацярпела пасля падзення ў 1797 годзе Венецыянскай рэспублікі і рабавання сабора, а таксама пасля вымушанага продажу ў 1815—1819 гг. жэмчугу і каштоўных камянёў з мэтай атрымання сродкаў для рэстаўрацыі сабора.[24]

Музей Сан Марка быў заснаваны ў канцы XIX стагоддзя па ініцыятыве П'етра Сакарда для збору прадметаў, звязаных з гісторыяй сабора.[25] За перыяд свайго існавання ён неаднаразова змяняў сваё месцазнаходжанне ў сувязі з ростам калекцыі. У 2003 годзе музей Сан Марка заняў верхнія памяшканні нартэкса сабора і шэраг залаў паўночнага трасэпта праз якія можна прайсці ў Банкетную залу палаца дожаў.

У музеі прадстаўлена экспазіцыя звязаная з гісторыяй мазаічнага ўбрання сабора. У ёй прадстаўлены фрагменты ранніх мазаік сабора (XI—XII стагоддзі). Да найбольш каштоўных экспанатаў гэтага аддзела адносяцца мазаікі: жонкі-міраносіцы (фрагмент мазаікі пакладанне ў труну) і збіванне немаўлятаў. У Банкетнай зале палаца дожаў размешчана экспазіцыя музея са зборам каштоўных тканін, абразаў і старадаўніх харалаў. Сярод іх вылучаецца серыя ваўняных габеленаў фландрскай мануфактуры, якія адлюстроўваюць цыкл Пакутаў Хрыстовых. Сярод маляўнічых шэдэўраў вылучаецца, напісаны ў тэхніцы візантыйскай іканапісу, будзённы алтар працы Паола Венецыяна, створаны ў сярэдзіне XIV стагоддзя па заказе дожа Андрэа Дандола.

Грамадскае жыццё

Тынтарэта. Партрэт невядомага пракуратара св. Марка

Пракуратары Святога Марка

Дож Алвізэ Мачэніга паўстае перад народам у саборы Святога Марка
(Франчэска Гвардзі, 1763 год)

Пасада пракуратара сабора Святога Марка была адной з самых ганаровых і значных у Венецыянскай рэспубліцы. Досыць сказаць, што звычайна з ліку 12 пракуратараў выбіраўся дож. Гэта пасада дэ-юрэ была выключна ганаровай, звязанай з грамадскай дабрачыннасцю, і пажыццёвай. Пракуратары былі абавязаны глядзець за саборам Святога Марка і за расходваннем яго казны. Пасля таго, як пасада дожа перастала быць пажыццёвай, сыдучы ў адстаўку былы глава дзяржавы мог працягваць сваю службу ў якасці пракуратара (яны маюць вышэйшы аўтарытэт у выбарным савеце дзяржавы).[26]

Для пракуратараў побач з капліцай на мяжы XV—XVI стагоддзяў быў пабудаваны будынак, якая носіць назву Старых Пракурацый. Гэты доўгі трохпавярховы аркавы будынак. У другой палове XVI стагоддзя на процілеглым, паўднёвым, баку плошчы пабудавалі будынак Новых Пракурацый, таксама трохпавярховы і падобны на першы.

Пасля падзення Венецыянскай рэспублікі інстытут пракуратараў працягнуў сваё існаванне, займаючыся пытаннямі ўтрымання сабора Святога Марка. У 1931 годзе Пракурацыі былі пераназваны ў Кіраванне па будаўніцтве сабора Святога Марка.[27] У функцыі кіравання ўваходзіць нагляд за станам сабора, захаванасцю яго мазаік, правядзенне рэстаўрацыйных прац.

Каналета. «Хор сабора Святога Марка»
(літаграфія, 1766 год)

Музыка

Сабор вядомы сваёй акустыкай, чым прыцягваў многіх найбуйнейшых музыкантаў і кампазітараў розных эпох. У сценах сабора выступалі Адрыян Віларт, Клаўдзіа Мерула, Андрэа (пачынаў сваю кар'еру спеваком у саборы, а ў 1566 годзе стаў яго арганістам) і Джавані Габрыелі, Джавані Легрэнцы, Ларэнца Перозі.[28] Вядомы кампазітар Мантэвердзі, пераехаўшы ў Венецыю, з 1613 года да канца жыцця заставаўся на службе капельмайстрам у саборы Святога Марка.[29] Джавані Вівальдзі, бацька Антоніа Вівальдзі быў скрыпачом сабора Сан Марка.[30] З 1490 года другім арганістам сабора быў кампазітар Франчэска Ана. У сярэдзіне XVI стагоддзя афіцыйным арганістам сабора быў Джыралама Парабоска.

Асаблівасцю выканання музыкі ў саборы з'яўлялася, тое што дзякуючы акустыцы для гэтага выкарыстоўвалася мноства месцаў. Акрамя традыцыйнага месца двух царкоўных хораў на клірасе, дзе размешчаны два аргана, музыканты і спевакі размяшчаліся на кафедрах перад іканастасам, дзвюх трыбунах Сансавіна[31] у трансэпце і іншых месцах. Акрамя таго, у сценах сабора з XVI стагоддзя культываваўся антыфонны спеў (дзвюма ці некалькімі хорамі напераменку) у відзе т. з. падзеленых хораў (італ.: cori spezzati), у XVII стагоддзі гэты стыль распаўсюдзіўся з Венецыі па ўсёй Італіі, а таксама ў Германіі і Аўстрыі.[32]

Бібліятэка

Некаторы час, пакуль у XVI стагоддзі не пачалося будаўніцтва асобнага будынка, у сценах сабора размяшчалася Бібліятэка Святога Марка. Над упрыгожваннем залаў бібліятэкі працавалі Паола Веранезэ, Франчэска Сальвіяці, Андрэа Мелдола і іншыя знакамітыя майстры таго часу.[33] Частка бібліятэчнага збору была атрымана ў дарунак ад Франчэска Петраркі.[34]

У мастацтве

«Кафэ Фларыян»
(Фрэнсіс Кэдэл, 1910 год)

Жывапіс

Выява базілікі сустракаецца як на гістарычных карцінах, прысвечаных Венецыянскай рэспубліцы, так і ў рамантычных відах Венецыі:

Літаратура

  • Джордж Байран: «Паломніцтва Чайльд-Гаральда» (1818 год)
  • Чарльз Дзікенс: «Дагэтуль я ніколі не бачыў нічога, што не вырашаўся б апісаць, але я адчуваю, што апісаць Венецыю немагчыма. Усе чароўныя карціны „Арабскіх начэй“ нішто перад царквой Св. Марка»[35]
  • Райнер Марыя Рыльке: верш: «Сабор Святога Марка» (1907 год)[36]
  • Марсель Пруст, раман «Уцякачка» (1925 год), апісаны ўражанні героя ад сабора.

Гл. таксама

Зноскі

  1. St. Mark the Evangelist (англ.) 
  2. 2,0 2,1 Мария Да Вилла Урбани. Собор Сан Марко. Венеция, 2006. ISBN 88-7666-590-0. С. 18
  3. Талалай М. Венеция. Флоренция, 2005. ISBN 88-8180-040-3. С. 12.
  4. Мария Да Вилла Урбани. Собор Сан Марко. Венеция, 2006. ISBN 88-7666-590-0. С. 16
  5. The Architectural Plan (англ.) 
  6. Мария Да Вилла Урбани. Собор Сан Марко. Венеция, 2006. ISBN 88-7666-590-0. С. 5
  7. Талалай М. Венеция. Флоренция, 2005. ISBN 88-8180-040-3. С. 10.
  8. Па іншых даных глава апостала Ціта захоўваецца на востраве Крыце (гл. Святой Апостол Тит)
  9. Пресс служба прихода святых Жен-Мироносиц в Венеции
  10. Венеция в русской литературе
  11. Architecture (англ.) 
  12. 12,0 12,1 Искусство Венеции (Всеобщая история искусств. Том 2, книга первая)
  13. Гэта было пацверджана пры рэстаўрацыі мармуровых пліт фасада ў XIX стагоддзя.
  14. Мария Да Вилла Урбани. Собор Сан Марко. Венеция, 2006. ISBN 88-7666-590-0. С. 31
  15. Талалай М. Венеция. Флоренция, 2005. ISBN 88-8180-040-3. С. 22.
  16. Мозаика
  17. 17,0 17,1 Мария Да Вилла Урбани. Собор Сан Марко. Венеция, 2006. ISBN 88-7666-590-0. С. 50
  18. Джон Рёскин. «Камни Венеции, V»
  19. Мария Да Вилла Урбани. Собор Сан Марко. Венеция, 2006. ISBN 88-7666-590-0. С. 39
  20. The Baptistery (англ.) 
  21. The Chapel of St. Isadore (англ.) 
  22. Мария Да Вилла Урбани. Собор Сан Марко. Венеция, 2006. ISBN 88-7666-590-0. С. 76
  23. The Treasure of St. Mark's (англ.) 
  24. Мария Да Вилла Урбани. Собор Сан Марко. Венеция, 2006. ISBN 88-7666-590-0. С. 79
  25. St. Mark's Museum (англ.) 
  26. Жан Боден. Метод лёгкого познания истории
  27. Da Mosto, Andrea. L'Archivio di Stato di Venezia, Biblioteca d'Arte editrice, Roma, 1937
  28. Мария Да Вилла Урбани. Собор Сан Марко. Венеция, 2006. ISBN 88-7666-590-0. С. 6
  29. Популярный справочник. Творческие портреты композиторов
  30. Антонио Вивальди
  31. Трыбуны, створаныя ў сярэдзіне XIV стагоддзя, атрымалі сваю назву ад імя іх аўтара Якопа Сансавіна
  32. Музыкальный словарь Гроува
  33. Паоло Веронезе
  34. Библиотеки в XV—XVII веках
  35. Чарльз Дзікенс. Ліст Джону Форстэру
  36. Райнер Мария Рильке. «Собор Святого Марка»

Спасылкі