Падуанскі ўніверсітэт

Падуанскі ўніверсітэт (італ. Università degli Studi di Padova) — адзін з найстарэйшых універсітэтаў Еўропы і Італіі, адкрыты ў Падуі у 1222 годзе. Дэвіз - Universa universis patavina libertas «Свабода Падуі, усеагульная і для ўсіх».

Сучасны стан

65000 студэнтаў, 13 факультэтаў: гуманітарных навук і філасофіі, эканомікі, адукацыі, інжынерны, юрыдычны, фізіка-матэматычны, медыцынска-хірургічны, фармацэўтычны, сельскагаспадарчы, псіхалагічны, паліталагічны, статыстычны і ветэрынарны. Рэктар - Вінчэнца Міланезі.

Гісторыя

Заснаваны выкладчыкамі і студэнтамі, якія пакінулі Балонскі ўніверсітэт з-за канфлікту з начальствам. У Сярэднія стагоддзі ў Падуі вучыліся студэнты з усёй Еўропы, падзеленыя на «нацыі» (зямляцтвы) па месцы паходжання. З 1339 па 1813 гады падзелены на дзве арганізацыі - Universitas Iuristarum, дзе выкладалася грамадзянская і кананічнае права і багаслоўе, і Universitas Artistarum, дзе выкладаліся астраномія, дыялектыка, філасофія, граматыка, медыцына і рыторыка.

Падуанскі ўніверсітэт стаў адным з цэнтраў навукі (астраномія, медыцына, права) эпохі Адраджэння, ім апекавалася Венецыянская рэспубліка, якая забяспечвала дух незалежнасці ад схаластычнай дагматыкі і уплываў Рыма. Тут вучыліся ці працавалі такія дзеячы першай велічыні Адраджэння і ранняга Новага часу, як Піка дэла Мірандола, Мікалай Кузанскі, Капернік, адзін з заснавальнікаў італьянскай літаратурнай мовы П'етра Бемба, Тарквата Таса, Галілей, Везалій, беларускі першадрукар Францыск Скарына. У 1678 ступень доктара філасофіі ўпершыню ў свеце атрымала жанчына - Алена Карнара Піскапія.