Нацыянальная бібліятэка Беларусі

Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Нацыянальная бібліятэка Беларусі
Краіна
Адрас Мінск
Заснавана 15 верасня 1922
Фонд
Аб'ём фонду 9,2 млн
Іншая інфармацыя
Дырэктар Раман Матульскі
Вэб-сайт nlb.by
Commons-logo.svg Нацыянальная бібліятэка Беларусі на Вікісховішчы

Нацыянальная бібліятэка Беларусі (поўная назва — дзяржаўная ўстанова «Нацыянальная бібліятэка Беларусі»)  — галоўная ўніверсальная навуковая бібліятэка Беларусі, скарбніца культурных здабыткаў народа, яго нацыянальнай памяці. Дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі з'яўляецца прафесар, доктар педагагічных навук Р. С. Матульскі.

Гісторыя бібліятэкі

Заснаванне

Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ) была заснавана Пастановай Савета Народных Камісараў БССР ад 15 верасня 1922 г. як Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка. Яна ўваходзіла ў склад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), але выконвала ўсе функцыі галоўнай бібліятэкі рэспублікі. Першым дырэктарам бібліятэкі стаў Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі, які ўзначальваў яе амаль 40 гадоў.

На момант адкрыцця фонды бібліятэкі налічвалі ўсяго 60 тыс. экзэмпляраў, якімі карысталіся 1,1 тыс. чалавек. Але ўжо ў 1926 г. 5,5 тыс. чытачоў маглі скарыстацца 300-тысячным фондам, што ўяўляў сабой найбуйнейшы ўніверсальны бібліятэчны збор па ўсіх галінах ведаў, і ў першую чаргу па беларусазнаўчай тэматыцы. Пастаяннымі карыстальнікамі бібліятэкі сталі дзеячы мастацтва і навукі БССР, прадстаўнікі дзяржаўных, партыйных і грамадскіх арганізацый. Бібліятэка становіцца актыўным удзельнікам культурна-нацыянальнага будаўніцтва, працэсаў беларусізацыі, развіцця дзяржаўнай структуры.

Такое пашырэнне функцый, рост фондаў, павелічэнне актыўнасці чытачоў патрабавалі змены статусу бібліятэкі. Пастановай СНК БССР ад 14 мая 1926 г. бібліятэка была выведзена са складу БДУ і рэарганізавана ў Беларускую дзяржаўную бібліятэку.

Першы будынак Нацыянальнай бібліятэкі — Юбілейны дом. У 1932 г. бібліятэка атрымала новы будынак, што стаў яе тварам на наступныя 70 гадоў. Аўтарам праекта быў вядучы беларускі архітэктар Г. Лаўроў, які прапанаваў цікавае рашэнне ў модным тады канструктывісцкім стылі. У складзе бібліятэкі быў арганізаваны Бібліяграфічны інстытут БССР.

Другая сусветная вайна

На пачатак 1941 г. у фондзе бібліятэкі было ўжо больш за 2 млн тамоў, колькасць чытачоў складала 15 тыс. чалавек. Далейшае яе развіццё было перапынена Другой сусветнай вайной. Баявыя дзеянні і тры гады акупацыі практычна цалкам знішчылі бібліятэку. Пасля вызвалення Мінска з двухмільённага фонду бібліятэкі засталося толькі 320 тыс. экзэмпляраў. Пад час вайны было знішчана багатае спецыяльнае абсталяванне. Захаваўся толькі будынак у вельмі пашкоджаным стане. Трэба было ствараць дзяржаўную бібліятэку другі раз за чвэрць стагоддзя.

Яшчэ ў 1943 г. пры эвакуяванай Акадэміі навук БССР у Маскве была створаная рабочая група па фармаванні кніжнага фонду. Велізарная дапамога ва ўзнаўленні фонду, як і ў першапачатковай яго арганізацыі, была аказаная шматлікімі бібліятэкамі саюзных рэспублік. У ліпені 1944 г., адразу пасля вызвалення Мінска, было прынята ўрадавае рашэнне аб узнаўленні працы бібліятэкі, а ў кастрычніку 1944 г. адкрыліся яе чытальныя залы.

Пасля Другой сусветнай вайны

З вясны 1945 г. пачаўся сістэматычны пошук вывезеных кніг у Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі. У 1947 г. фонды бібліятэкі былі колькасна адноўленыя і дасягнулі даваеннага ўзроўню, хоць шматлікія лакуны ў іх не атрымалася запоўніць дагэтуль.

Праца бібліятэкі ў 1950–1980-я гг. адзначана сталым павелічэннем аб'ёму фондаў, ростам ліку чытачоў, развіццём міжнародных сувязей, арганізацыйнымі зменамі, што адлюстроўваюць новыя функцыі бібліятэкі. У 1962 г. бібліятэка атрымала новы корпус на вуліцы Кірава, які дазволіў на час вырашыць праблему з недахопам працоўных плошчаў для работы чытачоў і захоўвання фондаў. У 1972 г. у сувязі з 50-гадовым юбілеем бібліятэка была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга — вышэйшай грамадскай і дзяржаўнай узнагародай СССР.

Бібліятэка ў незалежнай Беларусі

Пасля набыцця Рэспублікай Беларусь дзяржаўнай незалежнасці і суверэнітэту бібліятэка ўзначаліла бібліятэчную сістэму краіны. Змена яе статусу, павышэнне значнасці ў культурным і сацыяльным развіцці дзяржавы і нацыі адлюстравалася ў перанайменні 19 мая 1992 г. Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.

Да гэтага часу вострай стала неабходнасць увядзення для бібліятэкі новага збудавання. Яшчэ ў 1989 г. быў праведзены міжнародны конкурс на лепшае архітэктурнае рашэнне будынка. Пераможцам конкурсу стаў праект творчага калектыву М. К. Вінаградава і У. У. Крамарэнкі, якія прапанавалі арыгінальнае спалучэнне функцыянальнасці і эфектнасці «беларускага дыямента». Але праект быў рэалізаваны толькі праз 13 гадоў.

7 сакавіка 2002 г. прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка падпісаў загад «Аб будаўніцтве будынка дзяржаўнай установы „Нацыянальная бібліятэка Беларусі“». Закладка падмурка новага будынка бібліятэкі адбылася 1 лістапада 2002 г. 16 чэрвеня 2006 г. новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрыўся для карыстальнікаў. Ён вылучаецца яскравым архітэктурным рашэннем, сваёй формай нагадвае агранены дыямент, які сімвалізуе каштоўнасць ведаў, прыгажосць і разнастайнасць свету.

Новы будынак бібліятэкі — візітная картка краіны.

Асноўныя параметры будынка:

  • Агульная плошча будынка — 113 669 кв. м;
  • Плошча фондасховішча — 54 960 кв. м;
  • Будаўнічы аб'ём будынка — 420 558 куб. м;
  • Аб'ём фондасховішча — 200 580 куб. м;
  • Вышыня будынка — 73,670 м;
  • Умяшчальнасць фондасховішча — 14 млн адзінак захоўвання;
  • Колькасць чытацкіх месцаў — 2000;
  • Колькасць чытальных залаў — 20;
  • Колькасць аўтаматызаваных рабочых месцаў карыстальнікаў і персаналу — больш за 1500.

Стварэнню індывідуальнага вобраза Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі садзейнічае і мастацка-дэкаратыўнае афармленне будынка. Праз галоўны ўваход, выкананы ў выглядзе старонак разгорнутай кнігі з мастацкімі выявамі на тэму развіцця сусветнай і славянскай пісьменнасці, наведвальнікі трапляюць у вестыбюль. Тут адбываецца першае знаёмства карыстальнікаў з бібліятэкай, размяшчаюцца даведачна-рэгістрацыйная і інфармацыйная службы, ажыццяўляецца запіс на экскурсійнае абслугоўванне.

На першым паверсе ў зоне атрыума карыстальнікі атрымліваюць звесткі пра наяўнасць канкрэтнага выдання ў бібліятэцы, вучацца самастойнаму пошуку дакументаў з выкарыстаннем аўтаматызаваных сродкаў. Новае праграмнае забеспячэнне, укаранёнае ў бібліятэцы, дазваляе ажыццяўляць шматаспектны пошук дакументаў, аўтаматызаваць працэсы заказу і выдачы друкаваных дакументаў карыстальнікам; забяспечвае доступ да найбольш актуальных электронных рэсурсаў: баз даных, набытых бібліятэкай у вядучых сусветных вытворцаў, баз даных уласнай генерацыі і значнай колькасці бібліяграфічных і паўнатэкставых выданняў на CD-ROM.

Павышэнню эфектыўнасці абслугоўвання аддаленых карыстальнікаў садзейнічае «Віртуальная даведачная служба» на сайце бібліятэкі і служба «Электронная дастаўка дакументаў».

Новы будынак даў магчымасць аптымізаваць арганізацыю фондаў бібліятэкі, прыблізіўшы да карыстальнікаў найбольш актуальныя выданні — энцыклапедыі, даведнікі, вучэбныя выданні. Усе яны прадстаўлены ў адкрытым доступе.

Нягледзячы на маштабы будынка, дастаўка кніг і іншых дакументаў з фондасховішча ажыццяўляецца ў аператыўным рэжыме з выкарыстаннем тэлеліфтаў, якія на працягу 20-ці хвілін даставяць запатрабаваную літаратуру карыстальнікам. Такая сістэма аўтаматызаванай транспарціроўкі ў нашай рэспубліцы выкарыстоўваецца ўпершыню.

У новым будынку бібліятэкі 20 чытальных залаў, якія дыферэнцуюцца па розных прыметах з улікам адукацыйнага ўзроўню карыстальнікаў, галін ведаў, відаў дакументаў. Залы размешчаны на трох паверхах. Усе яны аснашчаны электроннымі кафедрамі выдачы дакументаў, сучасным абсталяваннем, якое дазваляе ажыццявіць сканіраванне і капіраванне дакументаў, друк з электронных копій, часткова камп'ютарызаванымі рабочымі месцамі для карыстальнікаў. Не забыты і карыстальнікі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Унікальнасць праекта новага будынка бібліятэкі заключаецца ў тым, што яе фондасховішча размешчана ў вышыннай частцы будынка. Такое размяшчэнне мае бясспрэчную перавагу ў параўнанні з падземным, таму што з'яўляецца аптымальным з кліматычнага пункту гледжання. Да таго ж калідоры, размешчаныя па перыметры ўсяго фондасховішча, ствараюць двайную праслойку (прынцып тэрмаса) і дазваляюць у любое надвор'е падтрымліваць пастаянную тэмпературу ўнутры памяшкання.

Будынак новай бібліятэкі аснашчаны сучасным інжынерным абсталяваннем, аб'яднаным у адзіны комплекс, які дае магчымасць кіраваць усім жыццёвым цыклам існавання аб'екта і яго падсістэмамі як адзіным цыклам, што дазваляе называць яго інтэлектуальным будынкам. Комплекс інфармацыйна-тэхналагічных сістэм дазваляе па-новаму ўбачыць тэхналогію асноўных напрамкаў дзейнасці бібліятэкі: фарміраванне інфармацыйных рэсурсаў, абслугоўванне карыстальнікаў, арганізацыю фондаў і забеспячэнне іх захаванасці.

Унікальныя архітэктурна-будаўнічыя і праграмна-тэхналагічныя асаблівасці новага будынка бібліятэкі садзейнічаюць рэалізацыі яе місіі як сацыяпалітычнага і сацыякультурнага цэнтра. У адпаведнасці з пратаколам даручэнняў кіраўніка дзяржавы ад 15 красавіка 2005 г. на базе будынка Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі створаны Цэнтр міжнародных сустрэч і перамоў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, які ўключае Авальную і Круглую залы міжнародных пасяджэнняў, канферэнц-залу, міжнародны прэс-цэнтр. Найбольш важнай мэтай цэнтра з'яўляецца арганізацыя і правядзенне міжнародных перамоў, дзелавых сустрэч, канферэнцый, сімпозіумаў і форумаў палітычнай, экалагічнай і прававой тэматыкі.

Аснашчанасць Цэнтра міжнародных сустрэч і перамоў на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў спецыяльнай сувяззю і шматфункцыянальным сучасным абсталяваннем забяспечвае правядзенне буйных палітычных, культурных, адукацыйных мерапрыемстваў на высокім тэхнічным і прафесійным узроўні.

У склад сацыякультурнага цэнтра ўваходзяць канферэнц-зала, комплекс мастацкіх галерэй, музей кнігі, аглядная пляцоўка, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, дзіцячы пакой для гульняў, зоны рэкрэацыі.

У бібліятэцы праводзяцца культурныя і адукацыйныя акцыі з удзелам прадстаўнікоў дыпламатычных місій, міжнародных урадавых і грамадскіх прафесійных арганізацый.

Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці сацыякультурнага цэнтра з'яўляецца экспазіцыйная дзейнасць галерэйнага комплексу, які складаецца з 4 галерэй: «Атрыум», «Лабірынт», «Ракурс» і «Панарама».

Разам з мастацкімі галерэямі важным элементам сацыякультурнага цэнтра з'яўляецца музей кнігі, створаны з мэтай азнаямлення наведвальнікаў з развіццём беларускага кнігадрукавання ў кантэксце сусветнай гісторыі кнігі. Асноўны напрамак яго дзейнасці — раскрыццё праз пастаянныя і часовыя экспазіцыі, экскурсійную і навукова-даследчую дзейнасць 70-тысячнай калекцыі рэдкіх і старадрукаваных кніг, знаёмства наведвальнікаў з рарытэтамі, якія захоўваюцца ў бібліятэцы. Музей аснашчаны сучасным выставачным абсталяваннем, якое дазваляе падтрымліваць належную тэмпературу і вільготнасць у памяшканні.

Вялікая ўвага надаецца ў бібліятэцы экскурсійнай дзейнасці. Асаблівую папулярнасць атрымалі аглядныя экскурсіі, якія знаёмяць наведвальнікаў непасрэдна з новым будынкам бібліятэкі, даюць як мага больш поўнае ўяўленне пра работу бібліятэкі, архітэктурныя асаблівасці, мастацкае афармленне, тэхнічны ўзровень. На даху бібліятэкі размяшчаецца аглядная пляцоўка, куды наведвальнікаў дастаўляе панарамны ліфт і адкуль яны могуць любавацца цудоўным краявідам Мінска.

Бібліятэка

Статус бібліятэкі

Бібліятэка з'яўляецца агульнадзяржаўным сховішчам нацыянальнага дакумента і беларусікі, а таксама замежных дакументаў, якія маюць навуковую, культурную і мастацкую каштоўнасць; дэпазітарыем матэрыялаў ААН і іншых міжнародных арганізацый; міжгаліновым дэпазітарыем Рэспублікі Беларусь; цэнтрам рэспубліканскага дакументаабмену; каардынацыйным і метадычным цэнтрам рэспубліканскага значэння; нацыянальным цэнтрам міжбібліятэчнага абанемента; рэспубліканскім цэнтрам аўтаматызаванай інфармацыйна-бібліятэчнай сістэмы; навукова-даследчай установай па бібліятэказнаўстве, бібліяграфазнаўстве, кнігазнаўстве; рэспубліканскім галіновым цэнтрам інфармацыі па культуры і мастацтве.

Фонд бібліятэкі

НББ валодае найбольш поўным і запатрабаваным дакументным фондам у краіне. Ён складае 9,2 млн дакументаў (друкаваныя выданні, рукапісы, мікрафільмы, электронныя і іншыя віды дакументаў), створаных як у Беларусі, так і ў розных краінах свету больш чым на 50 мовах. Гэта найбольш поўны збор нацыянальных дакументаў, самы поўны ў краіне збор навуковых і грамадска значных замежных дакументаў, калекцыя рукапісаў XIV—XX ст. на славянскіх і заходнееўрапейскіх і ўсходніх мовах, багатая калекцыя старадрукаў, у т.л. адзіны ў Беларусі збор кніг беларускага першадрукара Францыска Скарыны. У бібліятэцы захоўваецца шматлікі фонд перыядычных выданняў; дысертацыі і аўтарэфераты, найбагацейшы фонд выяўленчых матэрыялаў, самая вялікая ў Беларусі калекцыя нот. Бібліятэка фарміруе фонд электронных выданняў і баз даных (бібліяграфічных, фактаграфічных, паўнатэкставых і камбінаваных) як уласнай генерацыі, так і буйнейшых бібліятэк і інфармацыйных цэнтраў свету. Як інфармацыйны цэнтр бібліятэка ажыццяўляе інфармацыйнае абслугоўванне інавацыйнай дзейнасці, фарміраванне электроннай бібліятэкі НББ, стварэнне і падтрымку інтэрнэт-партала, генерацыю тэматычных электронных інфармацыйных рэсурсаў, арганізацыю і функцыянаванне сістэмы карпаратыўнай каталагізацыі, вядзенне зводнага электроннага каталога бібліятэк Беларусі.

Вядомыя супрацоўнікі

  • Бібіла Юлія
  • Ватацы Ніна
  • Малініна Вольга
  • Масенжнік Мар'я
  • Матульскі Раман
  • Мерына Фаіна
  • Сіманоўскі Іосіф
  • Улашчык Мікалай

У Сетцы