Лоўрэнс Альма-Тадэма

Лоўрэнс Альма-Тадэма
Lawrence Alma-Tadema
Аўтапартрэт 1896 года
Аўтапартрэт 1896 года
Дата нараджэння: 8 студзеня 1836(1836-01-08)
Месца нараджэння: Дронрэйп Flag of the Netherlands.svg Нідэрланды
Дата смерці: 25 чэрвеня 1912(1912-06-25) (76 гадоў)
Месца смерці: Вісбадэн Flag of the German Empire.svg Германская імперыя
Месца пахавання:
Падданства: Сцяг Вялікабрытаніі Вялікабрытанія
Грамадзянства:
Жонка: Laura Theresa Alma-Tadema[d]
Дзеці: Laurence Alma-Tadema[d] і Anna Alma-Tadema[d]
Род дзейнасці: мастак
Жанр: гістарычны жывапіс
Вучоба:
Стыль: акадэмізм
Уплыў на: Джон Годвард
Член у
Узнагароды:
Ордэн Заслуг
Кавалер ордэна Ганаровага легіёна
Афіцэр ордэна Леапольда I
Рыцар-бакалаўр
Ордэн «Pour le Mérite»
Званні: акадэмік Каралеўскай акадэміі мастацтваў
член-карэспандэнт французскай Акадэміі вытанчаных мастацтваў
Commons-logo.svg Працы на Вікісховішчы


Сэр Ло́ўрэнс А́льма-Тадэ́ма (нідэрл.: Lourens Alma Tadema, англ.: Lawrence Alma-Tadema [ˈælmə ˈtædɪmə]; 18361912) — брытанскі мастак нідэрландскага паходжання, які пісаў карціны пераважна на гістарычныя сюжэты. Адзін з найбольш вядомых і высокааплатных мастакоў віктарыянскай эпохі.

Вучыўся ў Бельгіі, адразу пазіцыянаваўшы сябе як мастака гістарычнага жанру. У 1860-я гады сюжэты карцін браў пераважна з гісторыі эпохі Меравінгаў, затым пераключыўся на тэмы Старажытнага Егіпта, далей перайшоў на антычную тэматыку. У 1870 годзе перасяліўся ў Вялікабрытанію, у 1873 годзе па асабістым распараджэнні каралевы Вікторыі атрымаў брытанскае падданства. Стварыў 408 палотнаў, з якіх больш за 300 былі выявамі антычнасці. Персанажамі яго карцін былі сучаснікі-віктарыянцы, пастаўленыя ў класічныя дэкарацыі, карціны дакладна ўзнаўлялі дэталі мінулай эпохі і карысталіся вялікай папулярнасцю ў Англіі, пра што сведчыць і факт прысваення мастаку рыцарскага звання ў 1899 годзе і ўзвядзенне яго ў членства ордэна Заслуг у 1904 годзе. Пахаваны ў Саборы Св. Паўла.

Адразу пасля смерці творчасць Альма-Тадэмы выйшла з моды і была практычна забыта, толькі ў 1970-я гады з уздымам цікавасці да салоннага і дэкаратыўнага жывапісу быў ацэнены яго ўнёсак у развіццё брытанскага і сусветнага мастацтва. У знак прызнання экспазіцыя яго прац была ў 1996 годзе прадстаўлена ў Музеі Ван Гога ў Амстэрдаме.

Станаўленне

Лоўрэнс Альма Тадэма нарадзіўся 8 студзеня 1836 года ў невялікай вёсцы Дронрэйп, у Фрысландыі на поўначы Нідэрландаў[1]. Ён быў шостым дзіцем вясковага натарыуса Петэра Тадэма і яго жонкі Хінке Дзіркс Браўэр. Тадэма — старое фрызскае прозвішча, якое азначае «Адамаў сын»[2]. Імёны Лоўрэнс і Альма былі дадзены яго хросным, але пасля пераезду ў Вялікабрытанію другое імя было ўключана ў прозвішча, каб у каталогах выставак апыняцца ў самым пачатку спісу[2].

Фаўст і Маргарыта. Акварэль, 1856

У 1838 годзе сям'я Тадэма пераехала ў Леўвардэн, дзе натарыус больш зарабляў[1]. Лоўрэнс стаў сіратой ва ўзросце 4-х гадоў. Маці мела схільнасць да мастацтва і вырашыла, што дзеці павінны вучыцца маляванню, Лоўрэнс атрымаў першыя ўрокі разам са старэйшымі братамі ў мясцовага мастака. Меркавалася даць яму юрыдычную адукацыю, і Тадэму аддалі ў гімназію Леўвардэна, дзе ён захапіўся гісторыяй. Ён працягваў самастойна ўдасканальвацца ў маляванні, асноўным кіраўніцтвам яму служыў трактат Леанарда да Вінчы, прысвечаны мастакам-пачаткоўцам[3]. Напружаныя заняткі прывялі да хваробы, у 15-гадовым узросце яму паставілі дыягназ «сухоты». Чакаючы смерці, ён яшчэ інтэнсіўней займаўся графікай і жывапісам, маці прыйшлося пагадзіцца з яго жаданнем стаць мастаком[2]. У 1850—1851 гадах ён стварыў першыя свае станковыя працы — партрэт сястры Арцье і аўтапартрэт, якія дазволілі яму самому ацаніць свае мастацкія здольнасці. Акрыяўшы, Лоўрэнс у 1852 годзе паступіў у Каралеўскую акадэмію Антверпена, дзе вучыўся чатыры гады. Галоўным яго настаўнікам быў Эгідыус Ваперс, Альма-Тадэма атрымаў некалькі ўзнагарод за поспехі ў вучэнні. У акадэміі Лоўрэнс Тадэма займаўся і з Н. дэ Кейзерам, які пераймаў французскіх рамантыкаў, што адбілася і на працах яго вучня; аднак захапленне рамантызмам апынулася нядоўгім[4].

У 1856 годзе Лоўрэнс Тадэма пакінуў акадэмію і пачааў паглыбленыя заняткі гісторыяй і архітэктурай старажытных народаў пад кіраўніцтвам прафесара Людвіка Яна дэ Тэе, у якога слухаў курсы гісторыі і гістарычнага касцюма; іх супрацоўніцтва доўжылася каля трох гадоў[5]. У гэты ж час была створана акварэль «Фаўст і Маргарыта», у якой у поўнай меры выявіліся асаблівасці мастацкага мыслення Альма-Тадэмы. Літаратурны сюжэт прыцягнуў яго галоўным чынам магчымасцю намаляваць гатычную архітэктуру і гістарычныя касцюмы. Тады ж упершыню праявіўся яго перфекцыянізм: мастак імкнуўся да стараннай прапрацоўкі найдрабнейшых дэталяў, а калі яго штосьці не задавольвала, без ваганняў знішчаў вынікі ўласнай працы. На тэму «Фаўста» ён напісаў некалькі акварэляў, але захаваў для нашчадкаў усяго адну[6].

Навучанне дзяцей Хлодвіга. 1861. Прыватны збор

У лістападзе 1858 года Альма-Тадэма стаў працаваць з мастаком Хендрыкам Лейсам, чыя школа была адной з самых вядомых у Бельгіі. У пошуках уласнай тэмы Лоўрэнс упершыню звярнуўся да антычных сюжэтаў і выбраў даволі рэдкі для акадэмічнага жывапісу сюжэт — смерць Іпаліта. Апынулася, аднак, што міфалагічны сюжэт не дазваляў адлюстраваць гістарычна дакладныя дэталі, і больш да міфалагічных сюжэтаў мастак не вяртаўся. Ён звярнуўся да эпохі Меравінгаў, якая прыцягвала яго яшчэ ў Тэе[7].

Венанцый Фартунат чытае вершы каралеве Радэгондзе. 1862, Музей Дордрэхта, Нідэрланды

Пад кіраўніцтвам Лейса Альма-Тадэма ў 1861 годзе напісаў сваю першую маштабную працу — «Навучанне дзяцей Хлодвіга», выстаўленую на акадэмічнай выстаўцы ў Антверпене. Сюжэт карціны просты: дзеці Хлодвіга пад наглядам іх маці і духоўніка практыкуюцца ў кіданні баявых сякер. Тадэма старанна працаваў над карцінай — агулам каля двух гадоў, захаваліся некаторыя эскізы. Поспех працы заклаў аснову далейшай папулярнасці мастака, карціну пахвалілі не толькі крытыкі і калегі па мастацкім цэху, але і кароль Леапольд[8]. Паводле меркавання А. Шасцімірава, Альма-Тадэма адкрыў новы кірунак у еўрапейскім мастацтве — «будзённы гістарычны сюжэт прадстаўлены з такой грунтоўнасцю, што, здавалася, быццам ад трапнасці дзяцей залежаў лёс краіны»[9].

У 1862 годзе, пад уплывам поспеху свайго дэбюту, Альма-Тадэма стварыў цэлы цыкл карцін з жыцця меравінгскага грамадства. Адна з іх была прысвечана паэту і епіскапу Венанцыю Фартунату, які звяртаецца да каралевы Радэгонды. Аднак на карціне нішто не нагадвае пра суровасць становішча і побыту франкскай Галіі канца VI стагоддзя: дзеянне разгортваецца на зацененай тэрасе, багатыя прадметы дэкору кантрастуюць з манаскім адзеннем персанажаў, Венанцый Фартунат ляжыць у паважнй позе, як было прынята ў старажытных рымлян. Паводле азначэння А. Шасцімірава, персанажы «збліжаюць гісторыю з сучаснасцю, і здаецца, што мастацтва і літаратура, а не войны — адзіна магчымы шлях развіцця грамадства»[9]. Тады ж у Альма-Тадэмы спыталі, чаму ён увесь час піша варвараў. Ён адказаў, што самі па сабе варвары значэння не маюць, але «яны маляўнічыя»[10].

Бельгійскі перыяд. Пераезд у Англію

Старажытнаегіпецкія ігракі ў шахматы. 1865. Прыватны збор

У 1862 годзе Альма-Тадэма пакінуў майстэрню Лейса і з тых часоў працаваў самастойна, паступова стаўшы акадэмічным мастаком еўрапейскага ўзроўню. У тым жа годзе ён здзейсніў падарожжа ў Англію і падоўгу працаваў у Брытанскім музеі і музеі Вікторыі і Альберта. Тэма Меравінгаў была пакінута, мастака захапіла яшчэ глыбейшая старажытнасць. Яго зацікавіў Старажытны Егіпет, аднак у краіне пірамід Альма-Тадэма ўпершыню пабываў толькі ў 1902 годзе, а ў 1860-я маляваў убачаныя музейныя экспанаты. Першай карцінай на новы сюжэт стала «Забавы ў Старажытным Егіпце 3000 гадоў назад», прысвечаная сустрэчы нубійскіх паслоў. Як і раней, карціна прыцягнула гледачоў і крытыкаў археалагічна дакладнымі дэталямі — напрыклад, старажытнаегіпецкую арфу Альма-Тадэма замаляваў у Луўры. Аналагічнымі ўласцівасцямі валодала карціна «Старажытнаегіпецкія ігракі ў шахматы», хоць насамрэч героі карціны гулялі ў сенет. Усе дэталі, уключаючы насценны жывапіс, былі спісаны з музейных экспанатаў[11].

Мастацкія асаблівасці карцін на тэму Егіпта паказвалі далейшую эвалюцыю сродкаў эстэтычнай выразнасці, якія ўжываліся Альма-Тадэмам. Карычняваты каларыт, увага да эфектаў сонечнага асвятлення і адлюстраванне людзей у інтэр'ерах сведчаць пра ўплыў галандскага жанравага жывапісу. Альма-Тадэма асабліва ўважліва вывучаў жывапіс Пітэра дэ Хоха. Сустракаюцца таксама сцвярджэнні, што выкарыстанне прыёмаў, характэрных для XVII стагоддзя, тлумачылася жаданнем «пастарыць» карціну на гістарычны сюжэт, зрабіць яе больш падобнай да класічнага арыгінала[12]. Праз найдрабнейшыя дэталі перадаецца духоўная атмасфера жыцця старажытнасці, і прафесійныя егіптолагі прызнавалі, што ў жывапісе Альма-Тадэмы «не было нічога, што не належала б да часоў фараонаў»[13].

Лесбія аплаквае верабейку. 1866

У 1863 годзе памерла маці Альма-Тадэмы (3 студзеня), а 24 верасня ён ажаніўся з францужанкай Мары-Палін Дзюмулен Грэсен дэ Буажырар — дачкой журналіста, які жыў у Бельгіі[14]. Мядовы месяц яны правялі ў Італіі, пабываўшы ў Фларэнцыі, Рыме, Неапалі і Пампеях. Паездка ў Італію радыкальна змяніла тэматыку прац Альма-Тадэмы, з гэтага часу ён распрацоўваў сюжэты з антычнай гісторыі Грэцыі і Старажытнага Рыма. У 1866 годзе ён напісаў наватарскую для сябе карціну «У перыстылі», якая паказвае ўзнікненне цікавасці да малафігурных кампазіцый, што дазвалялі падкрэсліць высакароднасць пачуццяў жаночых персанажаў[15].

У шлюбе з Мары-Палін нарадзілася трое дзяцей, але адзіны сын Эжэн сканаў праз некалькі месяцаў пасля нараджэння ад воспы. Дочкі — Лоранс (1864—1940) і Ганна (1867—1943) — мелі мастацкія схільнасці, адна стала пісьменніцай, іншая — мастачкай; абедзве так і не выйшлі замуж[16]. Альма-Тадэма пісаў сваю жонку ў розных вобразах, вядомыя таксама тры яе партрэты[17]. Характэрна, што партрэты жонкі не мелі самадастатковага значэння, ператвараючыся ў самастойны жанр «партрэта пачуццяў», у якім важныя мімалётныя жэсты і паставы, выяўляючы характар чалавека па неўсведамлёных рухах[15].

У 1864 годзе Альма-Тадэма пазнаёміўся з Эрнэстам Гамбарам — уплывовым бельгійскім выдаўцом і прадаўцом твораў мастацтва. Гамбар быў уражаны старажытнаегіпецкімі карцінамі мастака, замовіў яму серыю з 24 палотнаў і арганізаваў першую выстаўку ў Лондане, у якой удзельнічалі ў тым ліку «Ігракі ў шахматы»[18]. У 1865 годзе Альма-Тадэма пераехаў у Брусель, дзе неўзабаве быў узнагароджаны Ордэнам Леапольда. У 1868 годзе Альма-Тадэма падпісаў з Гамбарам яшчэ адзін кантракт на 34 карціны, якія павінны былі быць напісаны за тры з паловай гады. Адным з першых пакупнікоў антычных карцін Альма-Тадэмы стаў іспанскі калекцыянер — маркіз Хасэ дэ Мур'ета, які набыў больш за 20 яго палотнаў, у тым ліку «Лесбію, якая аплаквае верабейку». Прыхільнікам галандца стаў і амерыканскі банкір У. Прэскат-Хант; у выніку яго замоў Гамбар падпісаў з Альма-Тадэмам кантракт, паводле якога мастак абавязваўся стварыць яшчэ 49 палотнаў. Паводле памераў палатна і колькасці фігур карціны падзяляліся ў кантрактах на тры катэгорыі. Карціна першай — ніжэйшай — катэгорыі ацэньвалася ў 80 фунтаў стэрлінгаў, другой — у 100 фунтаў, кошт карціны трэцяй катэгорыі павялічваўся да 120 фунтаў[19][Кам. 1].

Падчас падарожжа ў Лондан у 1866 годзе адбыўся наступны інцыдэнт: з-за ўцечкі свяцільнага газу ў більярднай дома Гамбара здарыўся выбух; і ў далейшым Альма-Тадэму пераследвалі інцыдэнты, звязаныя з выбуховымі рэчывамі. Вынікам стала моцнае нервовае ўзрушэнне ў жонкі мастака, ад якога яна так і не акрыяла[20]. 28 мая 1869 года Мары-Палін Альма-Тадэма сканала ад воспы ва ўзросце 32 гадоў. Пасля смерці жонкі мастак чатыры месяцы не мог нічога рабіць, пра дочак (ім было 5 і 2 года) клапацілася старэйшая сястра — Арцье Тадэма (нідэрл.: Artje Tadema, 1834—1876), якая жыла разам з імі да свайго замужжа ў 1873 годзе (яна выйшла за нямецкага мастака-літографа)[19].

Пірычны танец[Кам. 2]. 1869, карцінная галерэя Гілдхал, Лондан

Праблемы са здароўем прымусілі Альма-Тадэму пераехаць у Англію — бельгійскія ўрачы апынуліся не ў стане паставіць яму дыягназ. Па рэкамендацыі Гамбара, у снежні 1869 года мастак прыбыў у Лондан, дзе быў прыняты ў доме мастака Форда Браўна. У Браўна ён сустрэў сваю будучую другую жонку — Лауру Тэрэзу Эпс, яго сваячку[19]. У Лондане Гамбар арганізаваў выстаўку мастака ў Лонданскай Акадэміі мастацтваў, на якой, у прыватнасці, была прадстаўлена карціна «Пірычны танец», якая мела незвычайнае кампазіцыйнае рашэнне: на другім плане персанажы размешчаны роўнай гарызантальнай паласой, у той час як воіны са шчытамі засланяюць іх сабой. Крытыкі бачылі ў гэтым супрацьстаянне вайны і свету. «Пірычны танец» выклікаў цікавасць з боку гледачоў і спецыялістаў у жывапісе, выключэнне склаў Джон Роскін. Ён параўнаў танцоўшчыкаў «з маленькім атрадам чорных жукоў у пошуку мёртвага пацука»[21]. Паводле меркавання А. Шасцімірава, крытык не зразумеў кампазіцыйнай навізны карціны Альма-Тадэмы, які жадаў зрабіць яе падобнай да антычнага фрыза[4].

Жанчыны Амфіса. 1888, Інстытут Кларка, Уільямстаўн, Масачусетс

З пачаткам Франка-прускай вайны Альма-Тадэма канчаткова перабіраецца ў Англію з дочкамі і сястрой і нават перарабляе сваё імя на англійскі манер. Першапачаткова ён пасяліўся ў доме Фрыдэрыка Гудала — таксама мастака, які маляваў экзатычныя краіны[22]. Ён стаў вадзіцца з Лаурай Эпс, зрабіўшыся яе настаўнікам жывапісу. Бацька — вядомы ўрач Джордж Напалеон Эпс — спачатку быў супраць іх адносін — мастаку было 34 гады, яго вучаніцы — 17. Альма-Тадэма вымушаны быў ісці на розныя хітрыкі, напрыклад, напісаў агульны партрэт сямейства Эпс, каб мець падставу быць у іх доме. Супраць шлюбу выказаўся і Э. Гамбар, які асцерагаўся, што жаніцьба зменшыць прадуктыўнасць Альма-Тадэмы. Тым не менш, у ліпені 1871 года Альма-Тадэма ажаніўся ў другі раз. Лаура сама стала вядомай мастачкай і нязменна служыла мадэллю для яго палотнаў (напрыклад, «Жанчыны Амфіса»[Кам. 3]). Мядовы месяц пара правяла ў Бельгіі і Нідэрландах, а па вяртанні яны пасяліліся ва ўласным доме ў фешэнэбельным раёне Рыджэнт Парк. Другі шлюб Альма-Тадэмы быў бяздзетным[23].

Узнагароды

Залаты медаль Салона (Парыж, 1864), медаль другога класа Сусветнай выстаўкі ў Парыжы (1867), залаты медаль (Берлін, 1872), Вялікі Залаты медаль (Берлін, 1874); залатыя медалі першага класа сусветных выставак у Парыжы 1889 і 1900 гадоў.

Правадзейны член Амстэрдамскай акадэміі вытанчаных мастацтваў (1862), Каралеўскай акадэміі Мюнхена (1871), Каралеўскай Акадэміі Берліна (1874), Грамадствы акварэлістаў (1881), Рымскай акадэміі жывапісу св. Лукі (1907). Ганаровы член акадэмій жывапісу Мадрыда, Вены, Стакгольма і Неапаля, Каралеўскай Шатландскай Акадэміі. Член-карэспандэнт Французскай Акадэміі вытанчаных мастацтваў (1881).

Ордэн Леапольда (Бельгія, 1866), Ордэн Дацкага льва (1868), Ордэн св. Міхаіла I ступені (Баварыя, 1869), кавалер ордэна Ганаровага легіёна (1873), Ордэн Прускай кароны III ступені (1877). Замежны член Ордэны Заслуг (Вялікабрытанія, 1881), кавалер ордэна Заслуг (1904)[24].

Каментарыі

  1. Ад 6300 да 9500 фунтаў стэрлінгаў у коштах 2013 года. Тут і далей перавод разлічаны па сістэме RPI basis per Measuringworth Five Ways to Compute the Relative Value of a UK Pound Amount, 1830 to Present (англ.) . MeasuringWorth.com.. Праверана 1 чэрвеня 2014..
  2. Намаляваны баявы танец дарыйцаў, які быў па тэмпе даволі хуткім, выконваўся пад падвойную дудачку і сімвалізаваў дзеянні воінаў на поле бою (Епишкин Н. И. Исторический словарь галлицизмов русского языка. М., 2010).
  3. Сюжэт карціны заснаваны на гісторыі ПлутархаПра доблесць жаночай», 13): калі факідскія тыраны захапілі Дэльфы і Фівы вялі з імі вайну, жанчыны-вакханкі, якія спраўлялі дыянісічныя дзействы у ашалелым начным блуканні, апынуліся ў горадзе Амфіса. Яны ўлегліся на рыначнай плошчы і заснулі. Горад Амфіса з'яўляўся членам Факейскага саюза, і амфіскія жанчыны, асцерагаючыся бясчынства, збегліся на плошчу, акружылі вакханак і моўчкі ахоўвалі іх, а пасля абуджэння праводзілі да мяжы. Гэта карціна была ганаравана залатога медалю на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы 1889 года.

Зноскі

Літаратура

  • Булгаков Ф. И. Знаменитые художники XIX века. Альма Тадема и его произведения. — СПб.: Издание А. С. Суворина, 1897. — 27 листовых иллюстраций + 52 с.
  • Карпова Т. Л. Генрих Семирадский: Альбом. — СПб.: Золотой век, 2008. — 400 с.
  • Мировое искусство. Прерафаэлитизм / Сост. И. Г. Мосин. — СПб.: ООО «СЗКЭО Кристалл», 2006. — ISBN 5-9603-0063-X.
  • Шестимиров А. Альма-Тадема: Альбом. — М.: Белый город, 2012. — 48 с.
  • Ash R. Alma-Tadema. — Aylesbury: Shire Publications, 1973. — ISBN 978-0-85263-237-6
  • Ash R. Sir Lawrence Alma-Tadema. — London: Pavilion Books, 1989. — ISBN 978-1-85145-422-8
  • Barrow R. Lawrence Alma-Tadema. — Phaidon Press Inc, 2001. — 208 p. — ISBN 0-7148-3918-3.
  • Swanson V. Sir Alma-Tadema: The Painter of the Victorian Vision of the Ancient World. — London: Ash & Grant, 1977. — 144 p. — ISBN 978-0-904069-08-2.
  • Swinglehurst E. Lawrence Alma-Tadema. — Thunder Bay Press, Canada, 2001. — 144 p. — ISBN 1840134178.
  • Wood C. Victorian Painting. — Boston, New York, London: Bulfinch Press Little, Brown and Company, 1999. — 384 p.

Спасылкі