Давыдзішкаўскі дагавор

Давыдзішкаўскі дагавор

Давы́дзішкаўскі дагаво́р — тайнае пагадненне, падпісанае 31 мая 1380 года вялікім князем літоўскім Ягайлам і вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна Уінрыхам фон Кніпродэ. Дагавор быў накіраваны супраць Ягайлавага дзядзькі Кейстута, што ў выніку стала прычынай пачатку першай грамадзянскай вайны ў ВКЛ.

Гістарычны кантэкст

Дагавор быў падпісаны неўзабаве пасля смерці вялікага князя Альгерда ў 1377 годзе. Альгерд абвясціў сваім пераемнікам сына Ягайлу, а не Кейстута, свайго брата і дарадцу. Кейстут і яго сын Вітаўт прызналі тытул Ягайлы і падтрымлівалі з ім сяброўскія адносіны, нават калі яго спадчыннае права было аспрэчана Андрэем Полацкім, старэйшым сынам Альгерда[1].

Тэўтонскія рыцары працягнулі свае набегі на паганскую Літву. Узімку 1378 года была арганізавана буйная ваенная кампанія. Крыжакі дайшлі да Берасця і да Прыпяці[2]. Лівонскі ордэн уварваўся ва Упіту. Чарговая кампанія пагражала сталіцы ў Вільні[1]. Кейстут прапанаваў заключыць перамір'е і абмяняцца ваеннапалоннымі. 29 верасня 1379 года ў Троках было падпісана дзесяцігадовае перамір'е[2]. Гэта было апошняе пагадненне, якое Ягайла і Кейстут падпісвалі супольна[2]. Тым не менш, перамір'е з манаскім крыжацкім ордэнам ахоўвала толькі хрысціянскія землі Вялікага Княства на поўдні, тым часам як паганскія абшары ў паўночнай і заходняй Літве былі патэнцыйна падзрынутыя тэўтонскім атакам[3]. У лютым 1380 года Ягайла без узгаднення з Кейстутам заключыў пяцімесячнае перамір'е з Лівонскім ордэнам дзеля аховы сваіх спадчынных земляў у Літве і асабліва Полацку, толькі што адваяванага ў свайго канкурэнта Андрэя Полацкага.

Умовы пагаднення

Каб прыхаваць падпісанне дагавор, тэўтонскія рыцары арганізавалі пяцідзённае паляванне ў маі 1380 года[4]. Літоўскі бок быў прадстаўлены Ягайлам, яго саветнікам Ваідзілам, Вітаўтам і яго саветнікам Іванам Гальшанскім[5]. Прысутнасць Вітаўта ўскладніла перамовы бакоў, і дагэтуль невядома, ці ведаў пра іх вялікі князь[4]. Тэўтонцы прыслалі гроскомтура Рудыгера фон Эльнера, комтура эльблонгскага Ульрыха фон Фрыке і фогта дзіршаўскага Альбрэхта фон Люхтэнберга[5].

Месца падпісання пагаднення невядома. Назва Давыдзішкі знойдзена толькі ў хроніках Віганда фон Марбурга як Dowidisken. У самім жа пагадненні згадваецца назва Daudiske, тым часам як нямецкамоўныя тэксты выкарыстоўваюць назвы Daudiske ці Daudisken[6]. Тым не менш, месца з такой назвай невядома ні ў Літве, ні ў Прусіі. Некаторыя тэорыі сцвярджаюць, што пагадненне было падпісана дзесьці паміж Коўнай і Інстэрбургам (цяпер Чарняхоўск), альбо вёска, у якой падпісваўся дагавор, мела назву Šiaudiniškė (Szaudiniszki)[4].

Умовы Давыдзішкаўскага пагаднення, у цэлым, былі складанымі і неадназначнымі. Ягайла і Ордэн дамовіліся аб сумесным ненападзе. Паводле палажэнняў дагавора Ягайла пагаджаўся не замінаць Тэўтонскаму Ордэну ваяваць з Кейстутам і яго дзецьмі. Аднак калі аказанне Кейстуту дапамогі было б неабходным, каб зняць верагодныя падазрэнні, гэта б не з'яўлялася парушэннем пагаднення[7].

Гісторыкі адзначаюць, што Давыдзішкаўскі дагавор быў чымсьці залішнім, бо землі Ягайлы ахоўваліся дзесяцігадовым мірам, заключаным у Троках у 1379 годзе[5]. Першаснай прычынай пагаднення з'яўляліся гарантыі нейтралітэту Тэўтонскага Ордэна ў барацьбе за ўладу паміж Ягайлам і яго братамі князем Андрэем Полацкім, Дзмітрыем Бранскім, і іхнім саюзнікам Дзмітрыем Данскім, вялікім князем маскоўскім. Ягайла, засцярогшы свой заходні фронт, аб'яднаўся з Залатой Ардой перад надыходзячай Кулікоўскай бітвай супраць Вялікага Княства Маскоўскага[1].

Некаторыя гісторыкі вінавацяць у стварэнні дагавор з крыжакамі Юліяну Цвярскую, маці Ягайлы, альбо яго дарадчыка Ваідзілу[8]. Іншыя ўказваюць на розніцу ў пакаленнях: Кейстуту было 80 гадоў і ён рашуча не прымаў хрысціянства, тым часам як Ягайлу было каля 30-ці і ён шукаў шляхі мадэрнізацыі сваёй краіны[9].

Наступствы

У 1381 годзе, не парушаючы пагаднення, тэўтонскія рыцары ўварваліся ў землі Кейстута — Троцкае княства і Жамойць. Рушачы да Трокаў, крыжацкае войска ўпершыню выкарыстала бамбарды[10], знішчыўшчы Наўяпіліс і паланіўшы 3 000 чалавек[3]. Пасля гэтага тэўтонцы праінфармавалі Кейстута пра таемны дагавор з Ягайлам. Кейстут сумняваўся і вырашыў параіцца са сваім сынам Вітаўтам. Вітаўт адказаў, што такога кшталту пагадненне не падпісвалася[3]. Напрыканцы 1381 года Кейстут вырашыў выступіць супраць Ягайлы. Ён аблажыў Вільню і абвясціў сябе вялікім князем. Распачалася грамадзянская вайна, якая завяршылася смерцю Кейстута ў Крэўскім замку і перамір'ем Вітаўта і Ягайлы ў 1384 годзе.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Kiaupa, Zigmantas; Jūratė Kiaupienė, Albinas Kunevičius (2000) [1995]. The History of Lithuania Before 1795 (English ed.). Vilnius: Lithuanian Institute of History. pp. 124—126. ISBN 9986-810-13-2. (англ.) 
  2. 2,0 2,1 2,2 Ivinskis, Zenonas (1988) [1930]. «Vytauto jaunystė ir jo veikimas iki 1392 m.». in Paulius Šležas. Vytautas Didysis. Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija. pp. 7-32. OCLC 25726071. (літ.) 
  3. 3,0 3,1 3,2 Ivinskis, Zenonas (1978). Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. Rome: Lietuvių katalikų mokslo akademija. pp. 271—273. LCC 79346776 (літ.) 
  4. 4,0 4,1 4,2 Jonynas, Ignas (1937). «Dovydiškės sutartis». in Vaclovas Biržiška. Lietuviškoji enciklopedija. VI. Kaunas: Spaudos Fondas. pp. 1341—1344. (літ.) 
  5. 5,0 5,1 5,2 Kučinskas, Antanas (1988) [1938]. Kęstutis. Vilnius: Mokslas. pp. 164—165. ISBN 5-420-623-5. (літ.) 
  6. Krumbholz, Robert (July — September 1889). «Samaiten und der Deutsche Orden bis zum Frieden am Melnosee». Altpreussische Monatsschrift 26 (5 and 6): 478. Retrieved 2007-11-25.
  7. Baranauskienė, Inga (May 2005). «Kas buvo Kęstučio nužudymo organizatorius?». Naujasis židinys — aidai 5 (173): 180—186. Retrieved 2006-12-29. (літ.) 
  8. Koncius, Joseph B. (1964). Vytautas the Great, Grand Duke of Lithuania. Miami: Franklin Press. pp. 21-23. LCC 66089704 (англ.) 
  9. Jakštas, Juozas (1984). «Lithuania to World War I». in Ed. Albertas Gerutis. Lithuania: 700 Years. translated by Algirdas Budreckis (6th ed.). New York: Manyland Books. pp. 57-58. LCC 75-80057. ISBN 0-87141-028-1. (англ.) 
  10. Christiansen, Eric (1997). The Northern Crusades. London: Penguin Books. pp. 164—165. ISBN 0-14-026653-4. ХХкуа-ут